УНУ́ТРАНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ паверхні,

раздзел геаметрыі, які вывучае такія ўласцівасці паверхні і фігур на ёй, якія могуць быць атрыманы толькі пры дапамозе вымярэнняў на самой паверхні, без звароту да аб’ёмных вымярэнняў. Адлегласць паміж 2 пунктамі на паверхні вызначаецца як мінімум даўжынь крывых, што знаходзяцца на паверхні і злучаюць гэтыя пункты. Прыклады У.г.: планіметрыя — У.г. плоскасці, сферычная геаметрыя — У.г. сферы і інш. У.г. скрыўленай паверхні можна разглядаць як геаметрыю двухмернай скрыўленай прасторы. Развіццё паняцця скрыўленай прасторы прывяло да стварэння Г.Ф.Б.Рыманам т.зв. рыманавых прастор, якія адыгрываюць вял. ролю ў сучаснай фізіцы.

т. 16, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)